Гэты інклюзіўны “круглы стол”.

Гэты інклюзіўны "круглы стол". Ужо на працягу года ў Беларусі рэалізуецца праект "Павестка 50"

Яго асноўная мэта — укараніць у краіне прынцыпы Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Пілотнымі пляцоўкамі арганізатары абралі пяць гарадоў — Лепель, Бабруйск, Валожын, Столін і наш Шчучын. Папярэдне Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі правёў даследаванні ў некалькіх дзясятках гарадоў, аднак выбраў для распрацоўкі "Павесткі 50" найбольш падрыхтаваныя да такой работы, дзе на належным узроўні грамадская актыўнасць, а таксама гатоўнасць у абмеркаванне праблем уключацца самім людзям з інваліднасцю.
            Тое, што Шчучын менавіта з такой кагорты, адчувалася ўжо ў самой атмасферы "круглага стала", за якім сабраліся прадстаўнікі органаў улады, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іншыя зацікаўленыя бакі па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі. Прысутных віталі намеснік дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю ў г. Мінску Міхаіл Мацкевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Андрэй Навіцкі, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Амшэй.  
Прысутныя выказалі свае меркаванні аб тым, як у раёне рэалізуецца дзяржаўная праграма "Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады".
— Мне цікава выслухаць вашы заўвагі з прафесійнага пункту гледжання, бо ўзнятую тэму таго ж безбар'ернага асяроддзя, як і іншыя, лічу вельмі актуальнымі, — падкрэсліла падчас абмеркавання начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Марына Рудая. — У нас ёсць вялікае жаданне зрабіць горад зручным для ўсіх без выключэння, а таму вельмі каштоўныя канкрэтныя прапановы саміх людзей з інваліднасцю, імкненне распрацаваць стратэгію "Павесткі 50".  

Цікава расказала аб праекце "Актыўная супольнасць" яго каардынатар Інэса Ларыёнава, адзначыўшы, што шчучынцы з энтузіязмам уключыліся ў праектную дзейнасць і ўжо вылучыліся такія лідары гурта "Узаемадапамога", як Вольга Сцефановіч, Дзмітрый Салейка і іншыя.