Аб’яднаць намаганні дзеля добрай справы

Аб'яднаць намаганні дзеля добрай справы

У верасні 2015 года Беларусь падпісала, а праз год ратыфікавала Канвенцыю ААН аб правах інвалідаў. У хуткім часе пры ўдзеле Офіса па правах людзей з інваліднасцю і еўрапейскіх партнёраў у пяці мясцовых суполках была распачатакампанія "Павестка-50" (столькі артыкулаў у Канвенцыі), накіраваная на ўвасабленне прынцыпаў гэтага важнага дакумента ў рэальныя справы. Сярод гарадоў рэспублікі, якія сталі пілотнымі тэрыторыямі для рэалізацыі "Павесткі-50", і наш Шчучын.
У сакавіку гэтага года "круглыя сталы" па рэалізацыі Канвенцыі па правах інвалідаў праводзілі ў Шчучыне спецыялісты Фонда "ТУС" з Польшчы, якія маюць вопыт правядзення аналагічнай кампаніі. А нядаўна да нас прыехалі дырэктар АПУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю" Сяргей Драздоўскі, яго намеснік Міхаіл Мацкевіч і кіраўнік  цэнтра для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, кіраўнік малой ініцыятывы "Актыўнае згуртаванне" Інэса Ларыонава. Яны правялі рабочую сустрэчу з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама Г.С. Хвядзюк і начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне А.І. Навіцкім. А потым да зацікаўленай размовы, якая адбылася на базе аддзяленняў ТЦСАН, далучыліся начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва М.М. Рудая, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.Г. Амшэй, прадстаўнікі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, устаноў сацыяльнай сферы, раённых арганізацый Беларускага таварыства інвалідаў і Таварыства Чырвонага Крыжа, людзі з інваліднасцю.
 
Усе ўдзельнікі сустрэчы падкрэслівалі, што ў паспяховай рэалізацыі малой ініцыятывы, якая мае на мэце зрабіць жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі больш камфортным і якасным, зацікаўлены ўсе бакі: мясцовыя органы ўлады, службы і арганізацыі, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю, бізнес, рэлігійныя арганізацыі і самі грамадзяне. "Усім разам трэба дамовіцца, што рабіць, каб "Павестка-50" не засталася напышлівымі словамі, прыгожай вокладкай, планам нейкай асобнай арганізацыі, а стала планам жыхароў Шчучына, рэальнасцю для людзей з інваліднасцю", – лічыць Міхаіл Мацкевіч.
Міні-праект, які плануецца рэалізаваць у нашым горадзе, будзе адметны ад іншых. Канешне, ён патрабуе часу і падрыхтоўчай работы. Для пачатку важна зразумець патрэбы людзей з інваліднасцю і ацаніць рэсурсы, неабходныя для іх задавальнення, з улікам мясцовай спецыфікі і магчымасцей.
Аб важнасці грамадскай ініцыятывы і актыўнасці мясцовых суполак  у рэалізацыі міні-праекта "Павесткі-50" гаварылі таксама Сяргей Драздоўскі, Інэса Ларыонава, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Анжэліна Шпакоўская. Усе людзі, якія маюць дачыненне да пытанняў аказання дапамогі інвалідам, павінны аб'яднаць веды, вопыт і намаганні. І не менш важна вырашаць праблемы людзей з інваліднасцю з удзелам саміх гэтых людзей: выслухаць іх, кааб зразумець праблемы, з якімі яны сутыкаюцца, і патрэбы, а таксама актывізаваць гэтых людзей праз стварэнне групп самадапамогі. Сярод наступных крокаў па рэалізацыі праекта названы школа лідараў, круглы стол з удзелам прадстаўнікоў улады, устаноў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, іншыя мерапрыемствы, якія напоўняць канкрэтыкай добрую ініцыятыву.
 Гаспадары і госці актыўна абменьваліся думкамі, у прыватнасці, абстварэнні даступнага, безбар'ернага асяроддзя для людзей з інваліднасцю, абмяркоўвалі іншыя пытанні.